«СОВЕ́ТСКИЕ АРХИ́ВЫ»,
навуковы часопіс, орган Гал. архіўнага ўпраўлення пры СМ СССР. Выдаваўся ў 1966—91 у Маскве пры ўдзеле Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Ін-та гісторыі АН СССР. Выходзіў 6 разоў на год. Яго папярэднікамі былі час. «Архивное дело» (1923—41), «Информационный бюллетень Главного архивного управления при СМ СССР» (1956—58), навукова-інфармацыйны бюлетэнь «Вопросы архивоведения» (1959—65). Друкаваў архіўныя дакументы, уводзіў у навук. ўжытак новыя крыніцы шляхам публікацыі аглядаў архіўных комплексаў (фондаў, вопісаў, дакументаў), знаёміў з гіст. даследаваннямі, заснаванымі на архіўных дакументах, зборнікамі дакументаў, навуч. дапаможнікамі па архіва-, дакумента-, крыніцазнаўстве і інш. У часопісе змяшчаліся артыкулы і паведамленні бел. гісторыкаў і архівістаў па актуальных праблемах археаграфіі. З 1992 выдаецца пад назвай «Отечественные архивы».
Літ.:
Библиографический указатель материалов, опубликованных в журнале «Советские архивы» (1966—1986 гг.). М., 1989.
М.Ф.Шумейка.
т. 15, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)